Информация о музее

Дзяржаўная ўстанова «Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей», орган дзяржаўнага кіравання – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Талачынскага райвыканкама.
Датай заснавання музея лічыцца 29 жніўня 1985 года, тады была прынята сумесная пастанова Талачынскага райкома КПБ і райвыканкама аб адкрыцці музея. Адначасова са зборам экспанатаў рэканструіраваўся касцёл, помнік архітэктуры 19 ст., у якім павінен быў размесціцца музей, распрацавана навуковая канцэпцыя і тэматыка-экспазіцыйны план, зроблены рамонт. Але ў 1993 годзе касцёл перадалі вернікам і музей доўгі час заставаўся без будынка, толькі у 1996 годзе пад музей аддадзены аднапавярховы цагляны будынак горсавета, які да нашага часу захаваў асаблівасці архітэктуры пачатку 20 стагоддзя. Будынак музея раней з’яўляўся жылым домам уладальніка шклозавода, потым у ім знаходзіўся Зарэчна-Талачынскі пазямельны банк, райком партыі, горсавет.

З 11.07.1986 г. па 26.02.1987 г. дырэктарам працаваў Маскалёў Дзмітрый Дзмітрыевіч. З 01.05.1987 г. па 9.01.1992 г. – Казлоў Леанід Сцяпанавіч. З 10.01.1992 г. па 21. 05. 1996 г. – Кірычонак Галіна Аляксандраўна. З 01.10. 1996 г. да цяперашняга часу – Пікулік Ірына Мікалаеўна.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў РБ ад 07.12.1998 г. " Пра святкаванне 1000-годдзя Друцка.” Выдзелены сродкі на рэканструкцыю будынка музея, стварэнне экспазіцыі, аднаўленне археалагічных даследаванняў тэрыторыі старажытнага Друцка. У 2000 годзе будынак музея пераведзены ў ранг помніка грамадзянскай архітэктуры і ўзяты пад ахову дзяржавы, пачалася яго рэканструкцыя.

З 31 жніўня 2001 года музей адкрыты для наведвання. Экспазіцыя прапанаваная для агляду мае пяць залаў: "Старажытнай гісторыі”, "Гістарычны”, "Талачыншчына і талачынцы”, " Этнаграфічны”, выставачны. Работы па мастацкаму афармленню экспазіцыі выкананы Віцебскім камбінатам "Мастацва”.

На 01.11.2015 г. колькасць музейных прадметаў асноўнага фонда – 9749, навукова – дапаможнага – 11984. Агульная плошча экспазіцыі 158 кв.м., выставачная – 28 кв.м.

Першым сустракае наведвальнікаў зал "Старажытнай гісторыі” у ім старажытная гісторыя паказана праз археалагічныя знаходкі з курганнага могільніка каля в. Дроздава, гарадзішчаў Кісялі-Дымакуры, Багрынава, старажытнага Друцка. Археалагічныя даследаванні ў вышэйназваных месцах праводзіла доктар гістарычных навук Вольга Мікалаеўна Ляўко. Экспазіцыя мае раздзелы: Тэрыторыя Талачынскага раёна ў далетапісную эпоху; Усходнеславянскія плямёны на тэрыторыі раёна; Друцкае княства ў складзе Полацкай зямлі і ВКЛ. Экспануюцца разнастайныя крамянёвыя прылады працы, наканечнікі коп’яў і стрэл, нажы, крэсівы, сярпы, шыферныя і янтарныя прасліцы, гіркі-разнавесы, замкі, ключы, нажы, жорны, ажурныя квадратныя бляшкі-нашыўкі на вопратку, рэчы з майстэрні касцярэза, кафля 11,17ст., багатыя ювелірныя ўпрыгожванні: падвескі-спіралі, бранзалеты вітыя з завязанымі і петлепадобнымі канцамі, бранзалетападобныя скроневыя кольцы, каралі з хрусталя, сердаліка, шкляных і пазалочаных пацерак. У экспазіцыі прадстаўлены бюсты-рэканструкцыі крывічаніна і крывічанкі, макет старажытнага Друцка 12ст, над якім размешчаны копіі старонак Радзівілаўскага летапісу і Друцкага Евангелля. Пры пераходзе ў наступы зал экспануюцца дзве карціны з постацямі Усяслава Чарадзея, Рагнеды, Ізяслава, Уладзіміра Манамаха, Глеба Менскага, Барыса Друцкага.

Асноўную інфармацыйна-асветніцкую функцыю выконвае зал "Гістарычны”. Ён ахоплівае вялікі перыяд гісторыі ад 16 да 20 стагаддзя. Экспазіцыя пабудавана з улікам географа-палітычнага становішча Талачыншчыны - перакрыжывання і памежжа. Цэнтральная вітрына разбіта на сектары ад якіх, як ад перакрыжавання шляхоў адыходзяць напрамкі асноўных экспазіцыйных блокаў: Войны ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы; Адраджэнне і стварэнне; Эканоміка і гандаль; Сяляне і зямля; Войны і ўзрушэнні 20 стагоддзя, якія пачаргова змяняючы адзін аднаго распавядаюць аб мірных і ваенных перыядах у гісторыі Талачыншчыны. Экспануюцца старадрукі ў іх ліку кніга "Жыція святых” 1694 г., пісталет французскі 1812 г., ядра 18 ст. мундзірныя гузікі 19 ст., абразы 18-19 ст., самавары, медны посуд, манеты Рэчы Паспалітай і Рус. дзяржавы, бязмены, акты на зямлю 1911 г., абавязацельства аб выкананні працоўнай і дорожнай павіннасцей, членскія кніжкі сельскагаспадарчага таварыства, статуты с/г арцелей, асабістыя рэчы і ўзнагароды ўдзельнікаў I сусветнай і грамадзянскай войн. Значнае месца займае блок прысвечаны перыяду Вялікай Айчыннай вайны: матэрыялы пра абарону Талачыншчыны ў ліпені 1941г., акупацыйны рэжым, дзейнасць падполля і партызанскі рух, вызваленне Талачыншчыны.

Годнасць і павага любога края – людзі. Ім нарадзіўшымся, жыўшым, працаваўшым ў Талачынскім крае і прысвечаны зал "Талачыншчына і талачынцы”. Захоўваюцца і экспануюцца асабістыя рэчы вядомых землякоў, сярод іх Герой Беларусі Міхаіл Андрэевіч Савіцкі.

Экспазіцыя этнаграфічнага зала знаёміць з рамёствамі і элементамі местачковага быта пачатка 20 ст., наведвальнікі могуць здзейсніць своеасаблівае падарожжа ў часе і прасторы, зазірнуўшы ў акенцы кушнера, ганчара, рымара, валюшніка, акунуцца ў атмасферу майстравога чалавека.

У выставачным зале праводзяцца выставы з фондаў музея, іншых музееў рэспублікі, мясцовых мастакоў, скульптараў, калекцыянераў, прэзентацыі, музейна-педагагічныя заняткі, канферэнцыі, круглыя сталы.

Блізяцца да заканчэння работы па стварэнню экалагічнага класа на базе зала "Прырода і чалавек”. Зроблены дыярамы, сабраны багаты матэрыял аб асноўных біяцэнозах раёна з апісаннем іх экасістэм, узоры карысных выкапняў.

Талачынскі гісторыка краязнаўчы музей

211092 г. Талачын Віцебскай вобласці, вул. Піянерская, 4

Тэл. ( 02136) 21788